Главная > Пресса о нас

Пресса о нас

25 11 2015
Алена СКРЫПЕЬ «Я не гатова глядзець, як мы губляем спартыуную гимнастыку»

      Старшыня асацыяцыі гімнастыкі — аб праведзенай працы, крытыцы і планах.

     Прайшоў год з моманту, калі Алена Скрыпель была абрана на пасаду кіраўніка Беларускай асацыяцыі гімнастыкі. У гэты невялікі прамежак часу змясцілася шмат падзей, значных для айчыннага спорту. У першую чаргу гэта звязана з тым, што год перадалімпійскі — на турнірах, акрамя медалёў, разыгрываюцца пуцёўкі на галоўныя спаборніцтвы чатырохгоддзя, спартсмены пачынаюць актыўную падрыхтоўку да Гульняў, а спецыялісты «пад мікраскопам» разглядаюць іх вынікі. Да таго ж Мінску сёлета трэба было прымаць чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы, з чым сталіца, у тым ліку дзякуючы намаганням асацыяцыі, справілася выдатна. Але ўсё ж падзеяй, якая выклікала самыя гарачыя абмеркаванні, стала натуралізацыя амерыканскіх гімнастак і іх выступленне за зборную Беларусі на чэмпіянаце свету. Пра тое, як паставілася да гэтых размоў сама Алена Альбертаўна, якія змены адбудуцца ў айчыннай спартыўнай гімнастыцы і як развіваюцца іншыя віды спорту, што ўваходзяць у асацыяцыю, яна распавяла карэспандэнту «Звязды».

 — Скажу шчыра, калі паступіла прапанова ўзначаліць асацыяцыю, нават не ўяўляла, што гэта дастаткова сур’ёзны ўчастак работы па часавых характарыстыках і па задачах, якія стаяць перад намі. Напэўна, я ў той момант не разумела, якую адказнасць бяру на сябе. Усё ж пад крылом асацыяцыі 5 відаў спорту (мастацкая гімнастыка, акрабатыка, скачкі на батуце, аэробіка і спартыўная гімнастыка), 3 з іх алімпійскія. З мастацкай гімнастыкай я была досыць знаёмая, спартыўная для мяне, як для гледача, была зразумелай, але не больш за тое. Аб скачках на батуце я таксама мела лёгкае ўяўленне, акрабатыка некалькі бліжэйшая, бо мой дзядуля шмат часу аддаў гэтаму спорту — ён быў трэнерам.

 — У першы ж год на вас звалілася шмат працы. Ці ўсё атрымалася?

 — Час цікавы і складаны, ідзе чэмпіянат за чэмпіянатам, і на кожным, акрамя медалёў, разыгрываюцца ліцэнзіі ў Рыа-дэ-Жанейра. Тым не менш, я рада таму, як прайшоў год. Найперш вынікі нашай працы можна ўбачыць у выступленнях беларускіх спартсменаў на чэмпіянатах свету. Мы рады, што нашы «мастачкі» сталі другімі ў свеце пасля расіянак! Гэтае срэбра блізкае да золата. Усім вядома, якія моцныя дзяўчаты ў зборнай Расіі, да таго ж у іх вельмі доўгая лаўка запасных. Я вельмі задаволена, што беларускія грацыі знаходзяцца ў моцных руках Ірыны Юр’еўны Ляпарскай, і мы ўсе ёй удзячныя.

     Я таксама разабралася ў тым, што адбываецца ў айчыннай спартыўнай гімнастыцы сёння. Ёсць дакладнае разуменне, што трэба рабіць. Ёсць паразуменне і ў калектыве, поўнае ўзаемадзеянне з міністэрствам і НАК. Відавочна, што людзі жадаюць працаваць. Трэнеры і спартсмены стаміліся ад няўдач, яны памятаюць яшчэ, як беларусы стаялі на п’едэстале, і гэтую памяць нікуды не падзенеш. Ім патрэбна дапамога, і мая задача аказаць яе, максімальна мабілізаваць усе магчымасці, якімі я магу распараджацца, каб стварыць умовы для вяртання славы беларускай спартыўнай гімнастыкі.

 — Што скажаце пра іншыя віды?

— Радуюць батутысты, у іх нядрэнна прайшоў этап Кубка свету. Там не было асноўных фаварытаў — кітайцаў, але беларусы ўсё роўна паказалі, што добра падрыхтаваны да чэмпіянату. У свеце цяпер вялікая ўвага надаецца акрабатыцы, і мы думаем, што неўзабаве яе ўсё ж уключаць у алімпійскую праграму, а ў Беларусі гэты від спорту заўсёды быў на добрым узроўні.

— Шмат размоў і крытыкі паўстала гэтай восенню вакол спартыўнай гімнастыкі, а менавіта натуралізацыі дзвюх амерыканак.

— Мы змаглі запрасіць вельмі перспектыўных дзяўчат у жаночую зборную, гэта добра. Падзея выклікала некаторы ажыятаж, і, шчыра кажучы, я гэтаму вельмі рада. Значыць, спартыўная гімнастыка не забыта. Упэўнена, самі дзяўчаты і іх бацькі свядома прынялі рашэнне выступаць за Беларусь. Яны, як ніхто іншы, ведаюць, што ў нашай краіне велізарны патэнцыял і вялікія традыцыі ў спартыўнай гімнастыцы. Яшчэ раз хачу паўтарыць і супакоіць чытачоў — для нашай краіны і асацыяцыі гэта нічога не каштавала. Спартсменкі вельмі перспектыўныя, і, нягледзячы на тое, што, можа быць, мы разлічвалі на больш высокі вынік на чэмпіянаце свету, у іх вельмі добрая база і падрыхтоўка. Іх трэніруе выдатны спецыяліст — Артур Акапян, таму пакуль яны працягнуць рыхтавацца ў ЗША. 

 — Як паставіліся да крытыкі, якая абрынулася і на асацыяцыю ў тым ліку пасля чэмпіянату свету?

 — Абсалютна спакойна. Ды асабліва крытыкі і не было, так, пагаварылі трохі — гэта нармальна. Нас трэба і хваліць і крытыкаваць, як без гэтага? Хачу супакоіць крытыкаў, мы абсалютна дакладна ацэньвалі сітуацыю з новымі дзяўчатамі, і калі ў мяне спытаць сёння, ці паступіла б я цяпер па-іншаму, не, я зрабіла б гэтаксама. Хтосьці пачаў параўноўваць вынікі нашых дзяўчат на чэмпіянаце Беларусі і амерыканак на чэмпіянаце свету, але не варта забывацца: судзейства на планетарных першынствах нашмат стражэйшае, чым на ўнутраным чэмпіянаце. Вядома, сёння ёсць людзі, якім не падабаецца, што мы спрабуем нешта рабіць — гэта нармальная з’ява. Магу сказаць толькі адно: я не гатова глядзець, як мы губляем спартыўную гімнастыку. Мы працуем, і калі нават у нас нешта не атрымліваецца — гэта таксама вынік. Сядзець разважаць і бяздзейнічаць не будзем.

— Вы казалі, што адбудуцца змены ў трэнерскім штабе зборнай. Ужо дасягнулі дамоўленасці з кімсьці са спецыялістаў?

 — Пабываўшы на чэмпіянаце свету, я ўбачыла, што на п’едэстале стаяць тыя краіны, якіх трэніравалі спецыялісты з Беларусі, Украіны і Расіі. Гэта добра, гэта сведчыць аб тым, што нашы трэнеры адны з найлепшых, і дрэнна — таму што мы не змаглі, напэўна, з эканамічных прычын утрымаць іх у сваіх краінах. Цяпер такая магчымасць ёсць, таму будзем вяртаць трэнерскі склад дадому. Скончылі перамовы аб замене галоўнага трэнера жаночай зборнай, яны былі складаныя і доўгія, таму што мы хацелі атрымаць найлепшага трэнера. І вось нядаўна прыйшло пацвярджэнне, што ён гатовы падпісаць з намі кантракт з наступнага года. Мы ўжо можам назваць яго імя — гэта Алег Васільевіч Астапенка. Зараз ён заканчвае трэніраваць бразільскую зборную, сам настаўнік — ураджэнец Украіны, таму можна сказаць, што ён вяртаецца дамоў. Я рада, што нашы дзяўчаты будуць трэніравацца ў такога прафесіянала, і мы ўскладаем на Алега Васільевіча вялікія надзеі. Чакаем яго прыезду ў снежні.

 — На фоне бурных абмеркаванняў жаночай зборнай мужчынская каманда адышла на другі план.

— Сказаць, што я ў захапленні ад 16-га месца на чэмпіянаце свету нашых хлопцаў, не магу, але мы не разлічвалі на п’едэстал, і ўсе гэта разумелі. Выступілі горш, чым у мінулым годзе, на гэта ёсць прычыны. Але перспектыва нашых хлопцаў відавочная, спартсмены нядрэнныя. Спецыялісты адзначаюць, што ёсць праблемы, звязаныя з фізічнай падрыхтоўкай, таму будзем ставіць пытанне аб з’яўленні асобнага трэнера, які адказвае за гэты складнік. Ёсць пытанні да лекараў: збояў, што адбываліся на чэмпіянаце свету са спартсменамі, было занадта. А ўвогуле, узровень мужчынскай зборнай у нас вышэйшы за жаночы.

 — Што будзеце мяняць у сістэме падрыхтоўкі дзяцей?

— Цяпер мы займаемся гэтым пытаннем, дзяцей хапае, а вось папулярнасці спартыўнай гімнастыкі ў нашай краіне — не. Аб ёй мала гавораць, яе мала паказваюць, натуральна, знікае цікавасць, а адсюль і памяншаецца колькасць ахвотных. У нас ёсць выдатныя залы ў Магілёве, Гродне, Мінску, але ўсюды праблема з трэнерскім складам. Настаўнікі імкнуцца ехаць туды, дзе ім могуць больш заплаціць, дзе на спартыўную гімнастыку звяртаюць увагу. Мы маем намер выпраўляць сітуацыю і вяртаць трэнерскую эліту ў Беларусь. Будзем праводзіць больш дзіцячых турніраў, хай яны нават носяць не столькі спаборніцкі характар, колькі паказальны, але гэта таксама паўплывае на папулярызацыю спартыўнай гімнастыкі. Хутка адкрыецца абноўленая зала на Каліноўскага, туды пераедзе жаночая зборная, сёння ў нас ёсць добрыя юніёркі, будзем з імі працаваць.

— Усе прызнаюць, як выдатна Мінск прыняў чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы. Ці плануецца яшчэ правядзенне буйных міжнародных турніраў у Беларусі?

— Па мастацкай гімнастыцы ў наступным годзе мы правядзём этап Кубка свету, а па спартыўнай будзем прэтэндаваць на прыняцце чэмпіянату свету або Еўропы ў найбліжэйшыя свабодныя даты. Мы робім гэта абсалютна свядома, хочам падштурхнуць сваіх спартсменаў, таму што, калі чэмпіянат праходзіць у роднай краіне, яны заўсёды па-асабліваму рыхтуюцца да такой падзеі. Ну і для папулярызацыі гэтага віду спорту такія мерапрыемствы таксама вельмі добрыя, бо гэта ўжо далёка не тая гімнастыка, што была 10-15 гадоў таму. Цяпер гэта прыгожыя касцюмы, залы, антураж.

— Чаго чакаеце ад наступнага года?

— Галоўнае — дамагчыся ўсіх магчымых ліцэнзій на Алімпіяду. А наша задача — стварыць добрыя ўмовы для падрыхтоўкі спартсменаў да Гульняў. З усімі трэнерскімі складамі ў нас будзе размова, каб не замоўчвалі праблемы, казалі, што трэба, чаго не хапае. Сёння ёсць магчымасць ствараць усе ўмовы, галоўнае, каб была ініцыятыва і жаданне. Я ўжо папярэджвала ўсіх нашых настаўнікаў, што спасылацца на недахоп грошай не варта. Галоўнае — разумець, пад што патрэбны сродкі, і тады, натуральна, мы гатовы будзем іх шукаць. Тым больш, што Міністэрства спорту і Нацыянальны алімпійскі камітэт аказваюць нам усялякую падтрымку. Так што я чакаю ініцыятыву, заснаваную на прафесійным вопыце. Магчымасці ёсць, ёсць спонсары, ёсць неабыякавыя людзі. Будзем працаваць, радаваць нас усіх і праслаўляць Беларусь.

Дар’я Лабажэвіч

24.11.2015

Перейти к полному списку »

Наши контакты

220012, г. Минск, ул. Сурганова, д. 2, пом. 33.
Тел./факс: (17) 292-51-77
E-mail: info@bga.by
chacott
Создание сайта Атлант Телеком